У Чэхіі — энэргетычны каляпс: не працуе грамадзкі транспарт, аэрапорт і чыгунка

Стары астранамічны гадзіньнік у Празе, Чэхія. Ілюстрацыйнае фота

У Чэхіі ў розных рэгіёнах краіны адбываецца масавае адключэньне электраэнэргіі, прычыны пакуль не называюць.

Як паведаміла выданьне novinky.cz, у Празе не працуюць мэтро і электрычны грамадзкі транспарт, банкаматы, сьвятлафоры, ёсьць праблемы з аплатай у крамах і рэстаранах. У аэрапорце вылет самалётаў не ажыцьцяўляецца.

Выратавальныя службы паведамілі, што спрабуюць дапамагчы грамадзянам, які на момант адключэньня электраэнэргіі знаходзіліся ў ліфтах.

«Мы зараз рэагуем на хвалю выпадкаў выратаваньня людзей зь ліфтаў, а таксама на паведамленьні пра выпадкі задымленьня. Аднак пакуль быў дым ад дызэльных генэратараў, якія запускаліся пасьля адключэньня электрычнасьці», — паведаміў выданьню прэсавы сакратар пажарнай службы Рэзач.

Апроч таго, выратавальнікі пачалі эвакуацыю электрычак, якія спыніліся праз адсутнасьць электраэнэргіі. Аб колькасьці пасажыраў, якія знаходзілся ў іх, пакуль не паведамляюць.

Некаторыя крамы ўвогуле зачыніліся. Улады сьцьвярджаюць, што блэкаўт не паўплываў на сытуацыю зь бясьпекай у пэнітэнцыярных установах.

Лякарні і станцыі забесьпячэньня пітной вадой перавялі на рэзэрвовае забесьпячэнье энэргіяй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Людзі гаварылі, што гэта ўсё Пуцін, што пачалася вайна». Беларуска з Гішпаніі расказвае, як краіна перажывала адключэньне электрычнасьці

Сёлета ў красавіку масавае адключэньне электрычнасьці закранула Гішпанію, Партугалію, Андору і паўднёвыя рэгіёны Францыі.На ўсім Пірэнэйскім паўвостраве не працавала мабільная сувязь, не было інтэрнэту, у гарадах спынілася мэтро. Не працавалі таксама чыгунка, сьвятлафоры, тэлевізія, дзяржаўныя ўстановы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партугалія празь некалькі гадзін пасьля адключэньня электраэнэргіі застаецца безь сьвятла. Гішпанія абвясьціла надзвычайнае становішча