Пасьля ператрусаў і арыштаў расейцы закрываюць у Баку агенцтва «Sputnik Азербайджан»

Дзьмітрый Кісялёў

Пра гэта асабіста заявіў кіраўнік агенцтва Дзьмітрый Кісялёў.

3 ліпеня Кісялёў як генэральны дырэктар дзяржаўнай мэдыягрупы «Россия сегодня» аб’явіў аб закрыцьці агенцтва «Sputnik Азербайджан».

«На сёньня ўмовы для працягу дзейнасьці „Sputnik Азербайджан“ у гэтай краіне адсутнічаюць», — заявіў Кісялёў.

Ён зьвязаў рашэньне з затрыманьнямі супрацоўнікаў рэдакцыі Sputnik у Баку. Паводле слоў Кісялёва, дзеяньні азэрбайджанскіх сілавікоў «ня маюць пад сабою ніякіх падстаў».

Затрыманьні, якія згадвае Кісялёў, адбыліся 30 чэрвеня. У рэдакцыі «Sputnik Азербайджан» прайшлі ператрусы, у выніку пад вартай засталіся дырэктар агенцтва Ігар Картавых і шэф-рэдактар Яўген Белавусаў. На наступны дзень суд арыштаваў іх на чатыры месяцы кожнага.

Іх абвінавачваюць у махлярстве, незаконным прадпрымальніцтве і легалізацыі маёмасьці, атрыманай злачынным шляхам. Азэрбайджанскія СМІ называюць дваіх затрыманых «агентамі ФСБ, якія працавалі пад прыкрыцьцём».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Баку сілавікі прыйшлі зь ператрусам у офіс прадстаўніцтва расейскага агенцтва Sputnik

Пры гэтым улады Азэрбайджану яшчэ ў лютым забаранілі дзейнасць рэдакцыі «Sputnik Азербайджан» у краіне, абмежаваўшы колькасьць журналістаў выданьня да аднагою. Аднак расейцы, нягледзячы на гэтую пастанову, працягвалі працу ў краіне ў старым штаце.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азэрбайджан заяўляе пра «зьверскае забойства» двух сваіх грамадзянаў у Расеі і рэзка крытыкуе асабіста Пуціна