З прычыны частых паездак дадому першы грамадзянін Расеі пазбаўлены часовага віду на жыхарства ў Літве. Паводле чыноўнікаў Дэпартамэнту міграцыі, яшчэ 30 выпадкаў вывучаюцца, паведамляе партал DELFI.
У пачатку траўня ў Літве ў сілу ўступіла дадатковае палажэньне аб нацыянальных санкцыях, якое забараняе грамадзянам Расеі без аб’ектыўных прычын езьдзіць у Расею ці ў Беларусь часьцей чым адзін раз на тры месяцы.
Дэпартамэнт міграцыі выявіў агулам 34 чалавекі, якія гэта зрабілі. Від на жыхарства ў Літве аднаго з іх ужо анулявалі.
«Падчас высьвятленьня прычын выезду грамадзян Расеі, якія часта выяжджаюць у Расею або Беларусь, выяўлены першы выпадак, які не падпадае пад выключэньні, і прынятае рашэньне аб ануляваньні выдадзенага расейцу часовага віду на жыхарства ў Літве», — гаворыцца ў паведамленні.
«Яшчэ трыццаць яго суайчыньнікаў могуць пазбавіцца такіх дазволаў у найбліжэйшы час», — пішуць чыноўнікі.
У дачыненьні да іх ужо пачатыя працэдуры ануляваньня часовых відаў на жыхарства ў Літве: высьвятляюцца дадатковыя абставіны, чакаюцца тлумачэньні ад саміх грамадзян Расеі, гаворыцца ў паведамленьні Дэпартамэнту міграцыі Літвы.
Паводле ацэнак, у траўні з моманту ўступленьня забароны ў сілу 292 грамадзяніны Расеі перасеклі дзяржаўную мяжу з Расеяй або Беларусьсю больш за адзін раз, аднак многія зь іх падпадаюць пад выключэньні з закону аб абмежавальных мерах, дзеяньне якога было працягнутае сёлета ўвесну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сейм Літвы прыняў папраўкі аб нацыянальных санкцыях супраць Беларусі і РФ