Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы з ЗША, ядзерная зброя, палітвязьні. Чаму Лукашэнка так шмат апраўдваецца?


Аляксандар Лукашэнка падчас выступу на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці, 1 ліпеня 2025 году
Аляксандар Лукашэнка падчас выступу на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці, 1 ліпеня 2025 году

Аляксандар Лукашэнка падчас выступу на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці выглядаў вельмі нэрвовым. Ён шмат апраўдваўся за разьмяшчэньне ядзернай зброі, за перамовы з дэлегацыяй ЗША, за вызваленьне Сяргея Ціханоўскага. І гэта служыць прыкметай ягонай вялікай няўпэўненасьці.

Сьцісла:

  • Часам намаляваная Лукашэнкам карціна сьвету выглядала фантасмагарычнай, як плынь дзіўнай сьвядомасьці.
  • Лукашэнка фактычна прызнае, што ідэя разьмяшчэньня ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі ня вельмі папулярная.
  • Лукашэнка апраўдваўся за перамовы з амэрыканскай дэлегацыяй, спрабаваў патлумачыць іх сэнс.
  • Ніколі раней ён не надаваў так шмат увагі пытаньню вызваленьня палітвязьняў.

Звыклая схема выступу паламалася

Выступ Аляксандра Лукашэнкі на ўрачыстым сходзе з нагоды Дня Незалежнасьці — традыцыйнае і ў нечым рутыннае мерапрыемства. Звычайна яно праходзіць паводле адной і той жа звыклай схемы. Спачатку згадка і спасылка на Другую сусьветную вайну як ідэйна-палітычную крыніцу незалежнасьці Беларусі. А потым аповед пра тое, якіх дасягненьняў і вяршыняў дасягнула краіна пад ягоным мудрым кіраўніцтвам.

Гэтым разам звыклая схема паламалася. Лукашэнка выглядаў вельмі нэрвовым і ўвесь час апраўдваўся.

Найперш апраўдваўся за дату сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці:

«Выбар даты нашага галоўнага дзяржаўнага сьвята гістарычна абгрунтаваны і прыняты сэрцам кожнага з нас, кожнага беларуса. У гэтым выбары — воля ня толькі нас, сучасьнікаў, якія не маглі паступіць інакш, але нашых бацькоў і дзядоў».

Ужо амаль 30 гадоў прайшло, як Лукашэнка памяняў, прыдумаў гэтую штучную дату Дня Незалежнасьці, а дасюль даводзяцца апраўдвацца.

Фантасмагарычная карціна сьвету

Гэтым разам у выступе Лукашэнкі амаль нічога не было пра дасягненьні, сацыяльна-эканамічнае жыцьцё. У асноўным ён выкрываў ворагаў — вонкавых і ўнутраных. Прычым рабіў гэта неяк зацята, з надрывам, многа гаварыў ад сябе, адышоўшы ад напісанага тэксту. Шмат часу прысьвяціў выкрыцьцю падступнага Захаду, казаў пра «гітлераўскі Эўразьвяз».

Часам намаляваная ім карціна сьвету выглядала фантасмагарычнай, як плынь дзіўнай сьвядомасьці.

Вось, напрыклад, такі сюжэт:

«А паглядзіце, што адбываецца ў Францыі, Вялікай Брытаніі, Нямеччыне. Не таму, што я нагнятаю абстаноўку. Там урады мяняюцца кожныя год-два. Гэта шмат аб чым кажа. Значыць, у сябе нарабілі і не хвастом хочуць замесьці свае злачынствы, а праз удары па мірным насельніцтве, як гэта адбылося ў безабароннай Газе або пры нанясеньні ўдараў па Іране».

Якое дачыненьне маюць Францыя, Вялікая Брытанія, Нямеччына да падзеяў у Газе, удараў па Іране? Якія злачынствы яны хочуць «замесьці»?

Ці вось яшчэ сюжэт. Лукашэнка ўпэўнівае, што заходнія краіны «хочуць ваяваць супраць нас, у тым ліку і супраць Украіны (славянскіх народаў — мы заўсёды ім упоперак горла)». Але ж супраць Украіны цяпер ваюе іншая дзяржава — Расея, якой рэжым Лукашэнкі дапамагае.

Выглядае, што кіраўнік Беларусі жыве ў сваёй фантастычнай рэальнасьці і спрабуе навязаць яе цэлай краіне.

Іранскі сюжэт

Шмат разоў Лукашэнка ўзгадваў удары па Іране, зноў і зноў вяртаўся да гэтай тэмы. Яна яго моцна зачапіла. Бо тут лёгка правесьці паралелі зь Беларусьсю. У тым пляне, што абедзьве краіны імкнуцца да валоданьня ядзернай зброяй, і вось да чаго гэта прывяло ў іранскім выпадку. Прычым Лукашэнка апраўдвае намер Ірану мець ядзерную зброю:

«Чаму краіна, якая валодае ядзернай зброяй, павінна бамбіць такую ж краіну, якая няхай нават, можа быць, імкнецца да гэтага (каб сябе абараніць). Якое права яна мае бамбіць?»

Зь іншага боку, Лукашэнка фактычна прызнае, што ідэя разьмяшчэньня на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі ня вельмі папулярная. І цалкам лягічна, што сумневы ўзмацніліся ў зьвязку з іранскімі падзеямі.

«Я разумею некаторых, якія кажуць, што вось разьмясьцілі ядзерную зброю ў Беларусі і паставілі сябе пад удар», — сказаў Лукашэнка.

Аднак ён перакананы, што такая ідэя навязаная звонку. Гэта быў другі сюжэт, калі Лукашэнку давялося апраўдвацца.

Пра перамовы з Кітам Келагам

Затым значную частку выступу Лукашэнка прысьвяціў сваім перамовам з амэрыканскай дэлегацыяй на чале з спэцыяльным пасланцом Дональда Трампа Кітам Келагам. Відаць гэтае пытаньне атрымала вялікі розгалас у грамадзтве, у тым ліку ў асяродзьдзі ягоных прыхільнікаў. Маўляў, гэта нейкі паварот у палітыцы, давялося «прагінацца» перад ЗША і інш. І зноў Лукашэнка мусіў апраўдвацца, тлумачыць.

Тут найперш ён даводзіць, што «ніколі ня грэбаваў размаўляць з людзьмі, якія, як кажуць дыпляматы, ня роўныя яму статусам». Можна меркаваць, што ў гэтым пытаньні яму былі нейкія папрокі.

Па-другое, Лукашэнка тлумачыць прычыны, зь якіх ён пайшоў на гэтыя перамовы. Галоўная зь іх палягае ў тым, што нібыта амэрыканская адміністрацыя нарэшце прызнала яго прэзыдэнтам:

«Тое, што з вашым прэзыдэнтам абмяркоўваюць абстаноўку ў сьвеце, — гэта ўжо нядрэнна. Значыць, паважаюць пункт гледжаньня… Тыя, якія раней слова „прэзыдэнт“ пасьля 2020 году не вымаўлялі. Сёньня яны прыяжджаюць да прэзыдэнта. Гавораць аб тым, што ў Беларусі, аказваецца, ёсьць прэзыдэнт і зь ім трэба размаўляць, бо ад імя беларускага народу ён нешта вызначае».

У кароткім сюжэце чатыры разы (!) узгадваецца слова «прэзыдэнт». З гэтага можна зрабіць выснову пра маштаб комплексу непрызнаньня, ад якога пакутуе ўладар Беларусі.

Аднак, гледзячы па ўсім, Лукашэнка вельмі незадаволены рэакцыяй на гэтыя перамовы і ў Беларусі, і магчыма, у Расеі. Таму спрабаваў неяк выправіць сытуацыю. Шмат апавядаў, як ён рэзка размаўляў з амэрыканскімі дыпляматамі. У прыватнасьці, незвычайна жорстка крытыкаваў палітыку ЗША, самога Дональда Трампа. Даводзіў, што нібыта ўся гульня амэрыканскага прэзыдэнта ў міратворца — гэта спэктакль, насамрэч ён за кулісамі кіруе вайной ва Ўкраіне.

Тэма вызваленьня палітвязьняў

Увогуле розгалас з нагоды вызваленьня палітвязьняў, асабліва Сяргея Ціханоўскага, гучныя заявы і дзеяньні Сяргея ў першыя ж дні выклікалі такі вялікі і неспадзяваны для ўладаў рэзананс у беларускім грамадзтве, што Лукашэнку і тут чарговым разам давялося апраўдвацца. Ён выглядаў моцна раззлаваным. Даўно ўжо ў адным выступе Лукашэнка так моцна не абражаў сваіх апанэнтаў, не гаварыў пра іх з такой нянавісьцю, як гэтым разам («поскудзь», «зьвяр’ё», «бандыты», «падохлі», «сьмярдзючая апазыцыя»).

Таксама цяжка прыгадаць, калі Лукашэнка надаваў у прамове так шмат увагі пытаньню вызваленьня палітвязьняў. Аказваецца, выхад на волю 14 зьняволеных, найперш Ціханоўскага, выклікаў незадаволеньне сярод ягоных прыхільнікаў, асабліва ў асяродзьдзі сілавікоў:

«Былі і тыя, хто асуджаў: „Ну навошта Бацька іх адпусьціў, ну няхай бы яны здохлі там“».

І навошта ж адпусьціў? Зусім не зь меркаваньняў гуманізму, як даводзіла прэсавая сакратарка Лукашэнкі Натальля Эйсмант або цьвердзілі дзяржаўныя мэдыя. Дыктатар патлумачыў:

«Калі б яны ўсе здохлі там, нам было б вельмі цяжка, нас абвінавацілі б, што гэта мы іх. Таму тут палітыка».

Цынічна, але шчыра.

Лукашэнка агучыў яшчэ адзін матыў, паводле якога вызвалілі Сяргея Ціханоўскага:

«Адзін зь беглых [кажа], якога асабіста я выпусьціў. Амэрыканцы і не прасілі. Яны яго лічаць прарасейскім. Адмазацца ад гэтага яму будзе складана».

То бок, паводле плянаў рэжыму, «прарасейскі» Ціханоўскі ў асяродзьдзі беларускацэнтрычнай апазыцыі павінен выклікаць дысананс і канфлікт.

Аднак нешта пайшло ня так, і Лукашэнку давялося ўступіць з Сяргеем у публічную палеміку:

«Крычыць: „Вось калі Трамп скажа хоць адно слова, ён пабяжыць, ён выпусьціць, ён адпусьціць, яшчэ нешта“». Як толькі Трамп асьмеліцца сказаць хоць адно слова (журналісты нашы пра гэта ўжо сказалі), усялякія размовы з амэрыканцамі спыняцца».

Заўважым, што Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth вызваленьне Ціханоўскага вітаў.

Калі адным разам даводзіцца так шмат апраўдвацца, то гэта прыкмета вялікай няўпэўненасьці ўладара. Хоць, здавалася б, вонкавых падставаў для такіх паводзінаў няма.

Завяршыў свой выступ Лукашэнка дзіўнай фразай: «Арэшніку» на зямлі беларускай быць. Каб не дапусьціць мяцяжоў». Усе думалі, што гэтая ракета прызначаная для барацьбы з вонкавымі ворагамі. А высьвятляецца, што ён зьбіраецца яе прымяніць супраць унутраных апанэнтаў, якія імкнуцца ўчыніць «мяцеж». Ракетай па мяцежы — гэта вяршыня цяперашняй палітычнай думкі ўладаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG