Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Паўночнай Карэі паказалі разьвітаньне Кім Чэн Ына з загінулымі на вайне супраць Украіны салдатамі


Сустрэча Кім Чэн Ына зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу
Сустрэча Кім Чэн Ына зь міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу

Гэта рэдкае прызнаньне Паўночнай Карэяй свайго ўдзелу ў вайне супраць Украіны на расейскім баку.

Цэнтральная тэлевізія КНДР паказала кіраўніка дзяржавы каля трунаў, накрытых дзяржаўным сьцягам, паведамляе паўднёвакарэйскае агенцтва «Ёнхап».

Здымкі зробленыя ў час сумеснага культурнага мерапрыемства, арганізаванага Паўночнай Карэяй і Расеяй у Пхэньяне ў нядзелю. Вечарына была прысьвечаная першай гадавіне падпісаньня Дамовы аб усеабдымным стратэгічным партнэрстве паміж гэтымі дзяржавамі.

Таксама ў матэрыяле паказалі нататнік з плямамі крыві, які, як мяркуецца, належыць паўночнакарэйскаму салдату. Нататнік нібыта знайшлі на месцы бітвы ў Курскай вобласьці Расеі.

Дзяржаўныя СМІ Паўночнай Карэі таксама неаднаразова трансьлявалі выступ міністра культуры Расеі Вольгі Любімавай, якая была на падзеі і выцірала сьлёзы, як і некалькі іншых гледачоў.

Рэпартаж у паўночнакарэйскай тэлевізіі паказалі пасьля таго, як Расея і КНДР назвалі апэрацыю ў Курскай вобласьці «пасьпяховай».

28 красавіка КНДР афіцыйна пацьвердзіла ўдзел сваіх вайсковых падразьдзелаў у баявых дзеяньнях супраць украінскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Курскай вобласьці Расеі. Паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын загадаў паставіць у Пхэньяне помнік у гонар паўночнакарэйскіх вайскоўцаў — удзельнікаў вайны на баку Расеі.

28 красавіка Ўладзімір Пуцін падзякаваў салдатам КНДР за ўдзел у вайне супраць Украіны. Пуцін адзначыў, што войскі спэцыяльнага прызначэньня КНДР удзельнічалі ў баях у Курскай вобласьці на падставе Дамовы аб усеабдымным стратэгічным партнэрстве паміж Расеяй і КНДР ад 19 чэрвеня 2024 году, артыкул 4 якой прадугледжвае неадкладнае аказаньне вайсковай дапамогі пры ўзброеным нападзе на адзін з бакоў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG